Рэспубліка Беларусь – незалежная, еўрапейская дзяржава.
Герб
Сьцяг
Геаграфія. Рэспубліка Беларусь – краіна ў цэнтры Еўропы, на тэрыторыі якой маглі б зьмясьціцца разам Бельгія, Нідэрланды ды Швейцарыя. Сталіца краіны Мінск і найбуйнейшыя гарады – Гародня, Брэст, Магілёў, Віцебск, Гомель – на працягу апошніх месяцаў часта згадваюцца ў сусьветных СМІ. У Беларусі няма высокіх гор і мора, а вось пра лясы, азёры ды старажытныя гарады складаюць легенды. Браслаўскія азёры, Нарач, Белавежская пушча – прыродныя скарбы, якія беларусы пяшчотна ахоўваюць, гэтак сама, як і менш вядомыя родныя мясьціны, упадабаныя ў дзяцінстве.
Насельніцтва Беларусі – 9,5 млн. чалавек, яшчэ 1,5 млн. беларусаў жывуць за мяжой, і ўсе яны – неверагодныя. У краіне мірна жывуць побач католікі, праваслаўныя, уніяты, іудзеі, паважаючы веру іншых і нават часта адзначаючы сьвяты розных канфесій. У краіне гавораць на рускай і – усё часцей – на беларускай мове, якая сталася сімвалам нацыянальнага адраджэньня. Беларусы – надзвычай адукаваная нацыя, тут пануе сапраўдны культ вышэйшай адукацыі, а пра памяркоўнасьць і працавітасьць беларусаў складзена нямала жартаў.
Гісторыя Беларусі налічвае больш за тысячу гадоў, і гэтаму нямала дзівяцца нават нашыя суседзі. Полацкае Княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Заходнія правінцыі Расійскай Імперыі, Беларуская Народная Рэспубліка й Савецкая Беларусь – на кожнай старонцы беларускай гісторыі занатавана шмат падстаў і для гонару, і для шкадаваньня. Бясспрэчна адно: у 2020 годзе беларусы самі пішуць сваю гісторыю.
Турызм у Беларусі чакае бурнае развіцьцё ў будучыні, але ўжо цяпер краіна прываблівае гасьцей магчымасьцю пашпацыраваць па вуліцах старажытных гарадоў, наведаць сярэднявечныя замкі ды храмы, адпачыць на беразе найпрыгажэйшых азёраў і пагасьціць на эка-фермах, альбо правесьці бізнес-мерапрыемствы на высокім узроўні. А беларуская кухня нікога не пакіне абыякавым і прымусіць захацець вярнуцца, пачуўшы слова «дранікі».
Інвестыцыі ў Беларусь – Краіна мае велізарны патэнцыял для хуткага эканамічнага адраджэньня: выгаднае геаграфічнае становішча, карысныя выкапні, прамысловую вытворчасьць і разьвіты IT-сектар. Але галоўны рэсурс – гэта людзі, адукаваныя, крэатыўныя, працавітыя, законапаслухмяныя, якія імкнуцца працаваць на карысьць сваёй краіны.